КАЛАГЕ́НАВЫЯ ВАЛО́КНЫ,

разнавіднасць валокнаў злучальнай тканкі жывёл і чалавека. Складаюцца з бялку калагену, што сінтэзуецца фібрабластамі, хандрабластамі і астэабластамі. К.в. ўтвораны пучкамі фібрыл, якія складаюцца з протафібрыл. Фарміруюцца ў пазаклетачнай прасторы полімерызацыяй трапакалагену. Моцныя на разрыў, мала эластычныя, выконваюць мех. (апорную) функцыю. У храстку К.в. наз. хандрынавымі, у касцях — асеінавымі.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)